Выстава адной карціны
Васіль Жарнасек “Ульянка”
Васіль Сцяпанавіч Жарнасек – беларускі мастак-пейзажыст, прадстаўнік наіўнага мастацтва.
Нарадзіўся мастак ў 1929 годзе у вёсцы Сітнікі Лепельскага раёна. Дзед быў царкоўным служкам, пісаў іконы. Магчыма, у прасветленасці вобразаў Хрыста, Боскай маці і хаваюцца вытокі яго таленту. Яшчэ хлапчуком Васілія Сцяпанавіча Жарнасека напаткала няшчасце – нямецкая бомба пазбавіла яго правай рукі і вока. Ды не скарыўся лёсу, не згубіў аптымізму, не пакінуў любімага занятку – жывапісу. Левай рукой працягваў маляваць родную лепельскую прыроду з блакітнымі азёрамі і цудоўнымі нібы з дзіцячай казкі, лясамі. Левай рукой навучыўся рабіць усё: касіць траву, рамантаваць прыёмнікі.
Быў час, калі на жыццё зарабляў маляваннем дываноў. Потым працаваў у клубе, на пошце, у школе, шукаў свайго шчасця на Украіне, і ўсё ж вярнуўся на радзіму і назаўсёды абаснаваўся ў Лепелі. Ён жыў стварэннем лепельскіх пейзажаў, яны надавалі яму тую таямнічую моц, якая нават у самыя цяжкія хвіліны напаўняла мастка прагай да жыцця, дзейнасці.
Імя Васілія Сцяпанавіча Жарнасека вядома не толькі ў Лепелі, Віцебску, Мінску, а і ў іншых гарадах былога Саюза, ён мастак ад Бога, мастак-казачнік. Кожная сустрэча с яго работамі – быццам спатканне са светлай марай. Па яркіх фарбах, сонечнаму каларыту, па стылю, не сапсаванаму ніякай прафесійнай закваскай, адразу пазнаецца сэрца. Творчасць майстра – узор самабытнасці і аўтарскай выключнасці.
Шматлікія ганаровыя граматы, дыпломы, медалі сведчаць аб удзеле мастака ва Усесаюзных, рэспубліканскіх, абласных выстаўках. Яго карціны экспаніруюцца у музеях Лепеля, Мінска, за мяжой.
У 1998 годзе мастак памёр, аставіўшы людзям надзвычай сонечнае мастацтва.